|
|
06 августа 2008 года 15:34:00 | Адхіленне ад старшынства партыі Казуліна - памылковае
Адхіленне ад пасады старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі Аляксандра Казуліна - памылковае рашэнне, выкліканае амбітнымі намерамі асобных кіраўнікоў арганізацыі - так лічыць старшыня Гродзенскай абласной арганізацыі БСДП Міхась Варанец.
На прайшоўшым пазачарговым з'ездзе Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі пытанне выбараў не стаяла ў парадку дня. Негледзячы на гэта, перавыбары кіраўніка партыі адбыліся, што на думку старшыні гродзенскай абласной суполкі Міхася Варанца з'яўляецца амаральным учынкам, які падрывае аўтарытэт арганізацыі як сярод сяброў партыі, так і сярод грамадзян Беларусі.
Міхась Варанец збіраўся агучыць свае думкі наконт пераабрання Аляксандра Казуліна на партыйным з'езде, аднак паводле рэгламенту яму не хапіла часу. Спроба надрукавацца на партыйнай інтэрнэт-старонцы таксама не прынесла ніякіх вынікаў: па словах Міхася Варанца намеснік старшыні партыі Анатоль Сідарэвіч, які адказвае за ідэалагічную працу, спасылаючыся на партыйную дысцыпліну і і імідж арганізацыі, адмовіў у такой магчымасці.
Каментар Міхася Варанца да З'езду БСДП 03.08.2008 г.
ВЫБАРЫ СТАРШЫНІ ПАРТЫІ.
1. Пытанне пазачарговых выбараў не стаяла у парадку дня З'езда?! Яно было замаскіравана ў пункце "Арганізацыйнае пытанне". Гэта, скажам так, непрыемна пахне. Любое пытанне, якое выносіцца на З'езд павінна абмяркоўвацца загадзя, публічна і галосна; тым болей пытанне выбараў кіруючых органаў, у тым ліку старшыні партыі; тым болей, калі старшыня партыі ў турме.
2. Матывы пазачарговых выбараў? На З'ездзе А.Ляўковіч заявіў, што А.Казуліна не ўспрымаюць у Еўропе, у Сацыялістычным Інтэрнацыянале, а таксама, што патрэбен рэальны кіраўнік партыі, а не віртуальны. Маё меркаванне: Першае. У 2005 годзе, калі беспартыйнага Казуліна першы раз выбралі старшынёй партыі, у Сацыялістычным Інтэрнацыянале Казуліна ўспрымалі? Натуральна не. Але дзякуючы найперш Ляўковічу, Нісцюку, Каралю Казулін стаў старшынёй партыі. У 2007 годзе Казуліна, ужо вязьня, другі раз выбралі старшынёй партыі. Казуліна ўспрымалі ў Сацінтэрне? Наўрад ці! Казулін быў рэальным кіраўніком? Не, бо сядзеў у турме. Але яго выбралі і Ляўковіч называў Казуліна сімвалам. А цяпер Ляўковіч называе Казуліна, прабачце, "тормазам" партыі. Варта спытаць Ляўковіча, калі ён крывадушнічаў, у 2005 і 2007 годах, ці цяпер? Другое. Няўжо без прыстаўкі в.а. Ляўковіча і партыю успрымуць у Еўропе і Сацыялістычным Інтэрнацыянале?
3. Дзе логіка ў замене Казуліна на Ляўковіча, на чалавека, які ў найбольшай ступені спрычыніўся да выбрання Казуліна старшынёй партыі?
4. Ніхто і нішто не перашкаджала Ляўковічу ў поўным аб'ёме выконваць абавязкі старшыні партыі. Спасылкі на Казуліна, на фракцыю - непрыймальныя. В.а. старшыні БСДП А.Ляўковіч быў і юрыдычна і маральна адказны за партыю. Казулін, фракцыя маглі рабіць прапановы, але адказныя за прыняццё рашэнняў - Ляўковіч, Прэзідыум, Цэнтральны Камітэт, З'езд. Выйдзе Казулін, тады і будзем гаварыць пра яго. Пэўна гэта будзе шмат у чым іншы чалавек, пабіты жыццём і горам, але, спадзяюся, не зломлены.
Выступленне на XII З'ездзе БСДП Міхася Варанца, старшыні Гродзенскай абласной арганізацыі, сябра Прэзідыума БСДП
Праблема ў самім Ляўковічы
Паважаныя дэлегаты! Рытарычнае пытанне: - у 2005 годзе, калі беспартыйнага Казуліна выбіралі старшынёй партыі, у Еўропе, у Сацыялістычным Інтэрнацыянале яго ўспрымалі?! На мінулым З'ездзе ў сакавіку 2007 года гарадзенскія дэлегаты падтрымалі Анатоля Ляўковіча*, як меньшае зло. Зла ў партыі не стала меней. Замест стваральнай працы - зноў разборкі. На пасяджэннях Прэзідыума, пасяджэннях Цэнтральнага Камітэту я і мае таварышы па абласной арганізацыі надалей падтрымлівалі Ляўковіча, часам на шкоду ўласнай рэпутацыі. Усё больш пераконваліся - праблема не толькі ў апанентах Анатоля Іосіфавіча, а і ў ім самім. Гаварылі яму. Марна.
У кастрычніку 2007 года на абласной канферэнцыі мы паставілі пытанне рубам: - "Так далей нельга", выказалі канкрэтныя прапановы. Дзеянні Ляўковіча ў адказ - поўнае замоўчванне і ігнараванне ўзнятых на канферэнцыі пытанняў. Пераканаўся, адзінае патрабаванне і ўмова Ляўковіча - бяздумна падтрымліваць любыя яго дзеянні.
Сябры, задумаемся! Лукашэнка самахоць распараджаецца бюджэтам дзяржавы, гандлюе Беларуссю як уласнай вотчынай. А Ляўковіч? Ён яшчэ ніхто, а ў партыі паступае гэтаксама.
Што рабіць? Я ў партыі са студзеня 1994 года. З дня смерці Міхася Ткачова мы змагаемся паміж сабой, а не з рэжымам. Партыя дэградавала і па сутнасці не з'яўляецца дэмакратычнай. Яскравае пацверджанне гэтаму паводзіны Статкевіча, таго ж Казуліна, а цяпер Ляўковіча па прынцыпу "партыя - гэта я". Мы, сябры партыі, выконваем ролю фігавага лістка. Ці ёсць шанец зрабіць партыю дэмакратычнай і дзеяздольнай? Ёсць! Гарантыі няма. На нашым баку добрыя намеры. На баку Ляўковіча - адміністрацыйны рэсурс і фінансы, якімі ён бескантрольна распараджаецца.
Безвыходных сітуацый не бывае. Партыя не самамэта, а сродак дасягнення мэты, прылада. Калі ж прылада стала не прыдатнай для выкарыстання, трэба яе выкінуць. Мы павінны быць падрыхтаванымі да дзейнасці ў іншых арганізацыйных формах, дзейнасці стваральнай і эфектыўнай. У тым ліку і гэта пытанне ўздымала Гродзенская абласная арганізацыя на канферэнцыі ў мінулым годзе. Але перадусім трэба выкарыстаць усе шанцы, каб выратаваць партыю, не дапусціць пераўтварэння яе ў нешта віртуальнае кшталту БСДГ.
У дадзеных умовах падтрымліваю на пасаду старшыні партыі кандыдатуру А.Казуліна.
* Маецца на ўвазе на пасаду першага намесніка старшыні партыі, фактычна на пасаду дзеючага старшыні БСДП - заўвага М.Варанца
Радыё Рацыя http://www.racyja.com/.
|
Авторизация
|