|
|
11 августа 2008 года 12:27:00 | Гульня на карысць Лукашэнкі
ЕС выяўляе недахоп агульнага падыходу і не надта актыўна звяртаецца да тых магчымасцяў, якія мог бы выкарыстаць супраць Беларусі як апошняй дыктатуры Еўропы.
Выраз "апошняя дыктатура Еўропы" выкарыстоўваюць амерыканцы. Спрытна граючы на стратэгічным месцазнаходжанні краіны паміж Расіяй, якая на ўздыме, і падзеленым Захадам, Аляксандр Лукашэнка знаходзіцца на пасадзе долей за ўсіх іншых еўрапейскіх лідэраў.
Дзякуючы кантролю над траспартным калідорам для расійскага газу, Лукашэнка будзе працягваць шантажаваць Маскву, пакуль не запрацуе газаправод Nord Stream. У той самы час, каб насыціць створанае ім спажывецкае грамадства, якое існуе дзякуючы стабільнаму падвышэнню заробкаў, Лукашэнку патрэбнае сяброўства з Еўропай.
Ён шукае фінансавання на Захадзе і спрабуе аднавіць сяброўскія стасункі з Заходнім светам, каб панерваваць Маскву - у дастатковай ступені для таго, каб тая аплочвала беларускія рахункі, аднак не болей, чым ён лічыць бясьпечным для ўласнай улады. Мэта ягонай эканамічнай палітыкі - заставацца на сваёй пасадзе.
Нягледзячы на тое, што рост прыватных інвестыцыяў утрымлівае ў сабе доўгатэрміновую рызыку кампраментацыі абсалютнай улады Лукашэнкі, пакуль што ягоная тактыка выжывання спрацоўвае: час ад часу саступаць ці то Захаду, ці то Маскве, а пасля ануляваць гэтыя саступкі, калі іншы бок прапануе больш выгодныя ўмовы.
Палітвязні
Тыповы прыклад - ягонае абяцанне Захаду вызваліць усіх палітвязняў. Працэс распачаўся, але ў нейкі момант спыніўся. Аляксандр Казулін, былы кандыдат у прэзідэнты, застаецца ў турме, і Лукашэнка яўна разлічвае, што ЕС не будзе рабіць ніякіх захадаў апроч пратэстных заяваў.
На дадзены момант ёсць два новыя палітвязні: гэта Андрэй Кім, моладзевы актывіст, і Сяргей Парсюкевіч, прадпрымальнік. Яны былі асуджаныя на год з паловай і два з паловай гады адпаведна: нібыта за тое, што збілі міліцыянта.
Апошнія крокі Захада па паляпшэнні дэмакратычнай сітуацыі выявіліся больш эфектыўнымі, чым у мінулым: яны значна паспрыялі павелічэнню ўплыву незалежных медыя. Апошні наступ уладаў на СМІ і быў выкліканы тым, што іх прафесіяналізм і ўплыў растуць. Якіх саступак запатрабуе Лукашэнка наўзамен абяцання не прэсаваць журналістаў, якіх падтрымліваюць адначасова ЕС і ЗША?
Сёння, калі зноў адбываецца наступ на СМІ і аднавілася практыка знявольвання па палітычных прычынах, агульнае пасланне рэжыму выразнае: яго антыдэмакратычны і глыбока цынічны характар не будзе змяняцца ў хуткім часе.
Амерыканская палітыка датычна абароны правоў чалавека заўжды была больш паслядоўнай, чым еўрапейская. ЗША настаялі на санкцыях супраць Белнафтахіму, дзяржаўнага экспарцёра нафты, які лічыцца галоўнай крыніцаў уласнага капіталу Лукашэнкі. З гэтым не могуць прымірыцца ў Мінску. Беларусь адказала фактычна спробай паралізаваць працу амбасады ЗША, запатрабаваўшы абмежаваць колькасць яе супрацоўнікаў да шасці дыпламатаў.
Непаслядоўнасць
Цяпер Захад у Беларусі будзе рэпрэзентаваць пераважна ЕС, прадстаўніцтва якога нядаўна адчынілася ў Мінску. Аднак Бруселю не хапае аб'яднанага падыходу Вашынгтона і ён не надта актыўна выкарыстоўвае магчымасьці ўздзеяння. Нягледзячы на ўсе жорсткія заявы Еўрапарламента наконт парушэння правоў чалавека, прыярытэтам Еўрапейскай Камісіі застаюцца аднаўленне сяброўскіх стасункаў і адкрытасць бізнэс-кантактаў. Яна нават настойвае на тым, што мясцовыя арганізацыі грамадзянскай супольнасці, якія атрымліваюць сродкі ад ЕС, павінны быць афіцыйна зарэгістраваныя, з-за чаго прадэмакратычныя НДА амаль не маюць доступу да праграмаў Еўракамісіі. Гэтая непаслядоўнасць грае на карысць Лукашэнкі.
ЕС неабходна мець больш рэалістычнае разуменне Беларусі, і выпрацаваць адпаведную палітыку. Аб'яднаная Еўропа павінная паказаць, што палітычны шантаж мае практычныя наступствы. Як мінімум ЕС павінен выказаць салідарнасць з ЗША і адрэагаваць на дзеянні беларускіх уладаў у дачыненні да амбасады ЗША тыднёвым спыненнем выдачы візаў у Мінску.
Як самы магутны бастыён дэмакратыі, які застаўся ў Мінску, ЕС павінен гарантаваць адпаведную каардынацыю паміж краінамі-ўдзельніцамі і больш шчыльную сувязь з ЗША - апошнія ўжо напрацягу некалькіх год падтрымліваюць ідэю больш моцнага Бруселя.
Інфармацыю пра дзяржаўны саюз з Расіяй можна ігнараваць. Няма небяспекі "згубіць" Беларусь. Бо існуюць практычныя захады, якія Еўрасаюз можа выкарыстаць для таго, каб паставіць Лукашэнку на месца.
Балаш Ярабік - малодшы навуковы супрацоўнік Фонда міжнародных стасункаў і знешняга дыялогу (FRIDE) у Кіеве, Украіна.
Пераклала з англійскай мовы Вольга Мартыненка
http://n-europe.eu/ паводле European Voice
|
Авторизация
|