|
|
24 апреля 2008 года 20:34:00 | Ці ўдасца Беларусі выйграць на сусьветным харчовым крызысе? Беларусь плянуе выкарыстаць сусьветны крызыс на рынку харчовых прадуктаў, - пра гэта заявіў Аляксандар Лукашэнка падчас наведваньня сельскіх гаспадарак на Гарадзеншчыне. На думку кіраўніка краіны, рост коштаў і попыт на сельгаспрадукцыю ў сьвеце можа станоўча адбіцца на беларускай эканоміцы. Тым часам, паводле зьвестак Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў па справах харчаваньня й сельскай гаспадаркі, Беларусь сама ўвоходзіць у шэраг краін, дзе існуюць лякальныя праблемы з доступам да прадуктаў харчаваньня й абмежаваньне экспарту. Сусьветны рынак прадуктаў харчаваньня перажывае зараз найбуйнейшы крызыс за апошнія 160 гадоў. Зь мінулага году цана пшаніцы павялічылася ажно на 130%, соі на 87%, рысу на 74%, больш за 30% узрасла цана на кукурузу. Перабоі з прадуктамі харчаваньня выклікалі масавыя хваляваньні ў Эгіпце, Інданэзіі, Філіпінах, Камэруне, Этыёпіі. У Пакістане й Тайляндзе склады з харчаваньнем і сельгасугодзьдзі ахоўвае паліцыя. На Гаіці недахоп тавараў у крамах стаў прычынай адстаўкі ўраду. Нават у багатай Італіі на вуліцы гарадоў выйшлі пратэставаць пекары, а ўсё з-за таго, што ў краіне ажно на 75% павялічыліся кошты на муку. Галоўнымі прычынамі харчовага крызысу эканамісты лічаць павелічэньне попыту ў такіх краінах, як Кітай і Індыя, кліматычныя катастрофы, рост коштаў на сыравіну, мільёны ўцекачоў, якія патрабуюць ежы, але самі яе не прадукуюць. Вялікі ўплыў на сытуацыю аказала вытворчасьць біяпаліва ў высокаразьвітых краінах. У ЗША на яго вытворчасьць пайшло каля 20% гадавога ўраджаю кукурузы, у той жа час біяпаліва, якое зь яе паўстала, у стане замяніць каля 1% патрэбаў на паліва ў Амэрыцы. Кіраўнік навукова-дасьледчага цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук сярод прычынаў крызысу называе адміністрацыйна-плянавую сыстэму, у якой даводзіцца дзейнічаць сельскай гаспадарцы. Я. Раманчук: Сельская гаспадарка – гэта адзін з сэктараў, які працуе не па рынкавых, а па адміністрацыйна-плянавых законах. Калі плян чыноўнікаў з ЗША й Эўропы не супадае з плянам людзей, то й атрымліваецца такая сытуацыя, калі кошты ідуць угару. Прыклады росту цэнаў на тавары харчаваньня былі заўважаныя таксама ў Канадзе: хлеб там падаражаў на 10%, а кошт на муку павялічыўся амаль у два разы. У Вялікабрытаніі цэны на спажывецкія тавары вырасьлі на 6,6%. Эканаміст Аляксандар Чубрык прыгадвае, што Беларусь імпартуе значна больш прадуктаў харчаваньня, чым экспартуе, таму выкарыстаньне існуючага ў сьвеце крызысу малаверагоднае. А. Чубрык: Хіба што Беларусь прыцягне людзей з гэтых краін, каб яны тут працавалі, бо іншых магчымасьцяў я ня бачу. За тыя грошы, якія даюцца нашай сельскай гаспадарцы, можна было б купіць за мяжою дадатковыя прадукты харчаваньня. Магчыма, што гэта было б нават таньней. Праблема палягае ў тым, што часьцяком мы прадаем тыя тавары, якія таньней вырабляць за мяжою, бо ў нас іх сабекошт вышэйшы. А мы іх вырабляем і прадаем за мяжу, і атрымліваецца, што быццам бы карыстаемся тым, што растуць цэны на рынках. Але, паколькі мы больш імпартуем, чым экспартуем, таму ўсё роўна крызыс адаб’ецца адмоўна. На думку дырэктара аналітычнага цэнтру Стратэгія Леаніда Заікі, Беларусь мае шанец выкарыстаць у сваіх інатарэсах харчовы крызыс. Стацца гэта можа дзякуючы тым галінам сельскай гаспадаркі, дзе апошнім часам назіраўся вялікі прырост. Л. Заіка: Беларуская сельская гаспадарка заўсёды была неэфектыўнай, і ў савецкія часы, і цяпер, але на рынку мяса-малочнай прадукцыі зьявіліся вельмі высокія кошты. Беларускія прадпрыемствы маглі б выкарыстаць гэтую каньюнктуру. У мінулым годзе ў Беларусі зафіксаваныя вельмі добрыя вынікі экспарту малака. Зараз мы экспартуем малака больш, чым прадаем трактароў. Беларускія каровы лепш забясьпечылі экспартны продаж. Калі кошты на прадукты харчаваньня павялічыліся на 30-70%, калі частка спажывецкіх рынкаў зерневых пойдзе на вытворчасьць біяпаліва, ніша любой краіны, якая прадукуе мяса-малочныя й зерневыя культуры, будзе паляпшацца. Шанцы ёсьць, тут Лукашэнка паўтарыў тое, што кажуць многія эканамісты. Але гэта толькі шанцы, гэта ня сьведчыць аб тым, што гэта ўдасца зрабіць. Як паведамляе Міністэрства статыстыкі й аналізу Беларусі, за першы квартал бягучага году кошты на спажывецкія тавары павялічыліся на 3,3%. А ў параўнаньні зь лютым цэны на макаронныя вырабы, напрыклад, павялічыліся на 4,1%, расьлінны алей – 3,4%, рыс – 2,6%, муку, маргарын, памідоры – 1,7%. Найбольш падаражэла капуста – ажно на 29%, морква – 11%, бананы – 18%. Патаньнелі толькі агуркі – на 1%. Сёньня Рада міністраў Беларусі прыняла рашэньне аб павелічэньні закупачных цэнаў на расьлінаводчую прадукцыю на 30-40%. Дзьмітры Гурневіч www.polskieradio.pl |
Авторизация
|