Главная
 Рассылка
RSS





Камiсiя па рэабiлiтацыi


 Амерыканскія “шпіёны” хадзілі з бэджамі
09 мая 2008 года 13:44:00 |

Амерыканскія “шпіёны” хадзілі з бэджамі
 

Рацыя пагутарыла з часовым павераным ў справах ЗША ў Беларусі Джонатанам Мурам. Найперш мы запыталі пра тое, ці слушна зразумелі ў інтэрв’ю намесніка дзяржасакратара Дэвіда Меркела, што зараз беларускім уладам была зробленая прапанова: адмена санкцый супраць “Белнафтахіму” - у абмен на вызваленне ўсіх палітычных зняволеных.

 - Наша пазіцыя пастаянная і нязменная. Калі беларускі рэжым прыме рашэнне вызваліць палітычных зняволеных, то мы зробім пазітыўныя крокі. Мы гэта далі зразумець даўно. Калі сюды прыязджаў Дэвід Крэмер, і калі ён сустракаўся з Наталляй Пяткевіч, - сказаў спадар Мур.

- Але ці вяліся перамовы адносна гэтага зараз?

 

- Не, не вяліся. Гэтымі днямі мы займаліся арганізацыяй ад’езду нашых калег. Але варта адзначыць, што факт з’яўлення двух новых палітычных зняволеных, пасля працэсу над Сяргеем Парсюкевічам і Андрэем Кімам, гаворыць сам за сябе.

 

- Падчас сённяшняй он-лайн канферэнцыі на “Беларускіх навінах” вы сказалі, што ўсе абвінавачванні беларускага дзяржаўнага тэлебачання і КДБ у стварэнні амерыканскай амбасадай шпіёнскай сеткі былі хлуслівымі. Ці тыя людзі, якіх згадалі ў сюжэце “Панарамы”, працавалі ў межах беларускага заканадаўства?

 

- У амбасадзе працуе шмат беларускіх грамадзянаў, і ўсе яны павінны паважаць заканадаўства Беларусі. Мы забяспечваем ахову амбасады. У гісторыі існавання амерыканскіх амбасадаў было шмат трагічных выпадкаў, таму мы павінны забяспечыць сваю ахову. Тэрарыстычныя атакі здараліся не толькі ў крызісных краінах, але і ў тых краінах, дзе ўсё было спакойна. Што датычыцца згаданага выпадку, то імёны ўсіх людзей, згаданых на беларускім тэлебачанні, былі прадстаўленыя ў Міністэрства замежных спраў Беларусі яшчэ ў кастрычніку мінулага году. У дадатак да гэтага, усе яны мелі бэджы, якія пацвярджалі, што яны з’яўляюцца супрацоўнікамі амбасады, і ў гэтым няма аніякага сакрэту.

 

- Наколькі моцна ўскладнілася праца амбасады пасля ад’езду адзінаццаці вашых супрацоўнікаў?

 

- Што датычыцца прадстаўлення інтарэсаў Злучаных Штатаў, то мы можам рабіць гэта сіламі чатырох дыпламатаў. Але для прадстаўлення візавых паслуг грамадзянам Беларусі нам патрэбна болей дыпламатаў, чым мы маем зараз. Павінен адзначыць, што наш адзіны консул зараз надае шмат увагі справе Эмануіла Зэльцэра. Гэты чалавек з’яўляецца амерыканскім грамадзянінам, і тое, як з ім абыходзіліся ў турме КДБ, - вельмі жудасна.

 

- Колькі павінна быць супрацоўнікаў у амерыканскай амбасадзе, каб беларусы зноў змаглі звяртацца па візы?

 

- Калі мы поўнасцю прадастаўлялі консульскія паслугі, то ў нас было два візавыя супрацоўнікі. Зараз мы маем толькі аднаго. Што ж датычыцца колькасці дыпламатаў, то гэта залежыць ад шмат якіх тэхнічных пытанняў.

 

Аляксей МІНЧОНАК www.racyja.com

 

   Авторизация


Регистрация